Звонкая раніца-5. Палажэнне

Парадак правядзення творчага конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца”

Зацверджана галоўным рэдактарам установы
«Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” Кнышавым В.А.
23 верасня 2014 г.

Зацверджана дырэктарам установы адукацыі Нацыянальны дзіцячы
адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” Ануфрыевай Н.Г.
23 верасня 2014 г.

Творчы конкурс па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца” (далей — конкурс) праводзіцца ў мэтах падтрымкі таленавітай моладзі ў рэгіёнах краіны, папулярызацыі творчасці маладых выканаўцаў, развіцця самадзейнай творчасці, дэманстрацыі дасягненняў работы педагогаў рэгіёнаў.

Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца:

— установа “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”;

— установа адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”.

Арганізатары конкурсу маюць права прыцягваць да правядзення конкурсу іншыя ўстановы і арганізацыі.

 Удзельнікі конкурсу

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца юныя вакалісты — навучэнцы 7—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія маюць вакальныя даныя. Наяўнасць музычнай адукацыі не з’яўляецца абавязковай умовай удзелу ў конкурсе.

У конкурсе не могуць прымаць удзел фіналісты конкурсу “Звонкая раніца” мінулых гадоў (асобы, якія ўдзельнічалі ў фінальных спаборніцтвах у НДЦ “Зубраня”).

Каб узяць удзел у конкурсе, неабходна прыйсці на адзін з кастынгаў, якія адбудуцца ў адпаведнасці з табл. 1 у 12 раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь, і падаць заяўку на ўдзел у конкурсе непасрэдна перад выступленнем. Заяўка запаўняецца канкурсантам ад рукі ў месцы правядзення кастынгу на спецыяльным бланку і павінна ўтрымліваць наступную інфармацыю:

— прозвішча, імя, імя па бацьку;
— дата нараджэння;
— месца фактычнага пражывання;
— месца вучобы: назва навучальнай установы, клас;
— месца атрымання музычнай адукацыі (калі ёсць): назва ўстановы (гуртка), спецыяльны інструмент, прозвішча, імя, імя па бацьку педагога па спецыяльным інструменце; прозвішча, імя, імя па бацьку педагога па вакале;
— назва твора(аў), які(я) будзе(уць) выконвацца на кастынгу (пры магчымасці пазначыць аўтараў ці выканаўцу песні. Напрыклад, з рэпертуару І.Дарафеевай);
— кантактныя тэлефоны: хатні (з кодам горада), мабільны (з кодам мабільнага аператара);
— адрас электроннай пошты (пры яго наяўнасці).

Кожны канкурсант пасля рэгістрацыі заяўкі атрымлівае ўнікальны парадкавы нумар і бэйдж з гэтым нумарам.

За сапраўднасць звестак, пазначаных у заяўцы, нясе адказнасць сам канкурсант. Выяўленне несапраўдных звестак у частцы персанальнай інфармацыі цягне за сабой дыскваліфікацыю ўдзельніка конкурсу (спыненне ўдзелу ў конкурсе) незалежна ад этапу конкурсу.

 Журы конкурсу

Падчас правядзення конкурсу працуе некалькі складаў журы:

— прафесійнае журы, якое складаецца з педагогаў праекта, прадстаўнікоў арганізатараў, а таксама запрошаных спецыялістаў. Прафесійнае журы пасля кожнага канцэрта складае рэйтынг прафесійнага майстэрства. Парадак работы, а таксама форму правядзення галасавання журы вызначаюць арганізатары;
— журы гледачоў, якое складаецца з наведвальнікаў справаздачных канцэртаў і па выніках галасавання якога пасля кожнага справаздачнага канцэрта ствараецца рэйтынг сімпатый гледачоў. Форму і неабходнасць правядзення галасавання гледачоў вызначаюць арганізатары;
— журы ўдзельнікаў конкурсу, якое складаецца з удзельнікаў другога (фінальнага) тура конкурсу і якое перад гала-канцэртам вызначае рэйтынг сімпатый удзельнікаў конкурсу.

Пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці можа быць арганізавана СМС-галасаванне, а таксама іншыя віды інтэрактыўнага галасавання.

Крытэрыі ацэнкі выступленняў удзельнікаў конкурсу

 Пры ацэнцы выступленняў канкурсантаў бяруцца пад увагу:

— вакальныя даныя канкурсанта;
— узровень выканальніцкага майстэрства;
— сцэнічнасць;
— здольнасць да навучання і прагрэс за час знаходжання на праекце.

Тэрміны правядзення конкурсу

 Тэрміны правядзення конкурсу: з 26 кастрычніка 2014 года па 15 лютага 2015 года. Конкурс праводзіцца ў два туры. Першы (адборачны) тур праводзіцца з 26 кастрычніка па 1 лістапада 2014 года па раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з табл. 1.

Табліца 1.

Месца і час правядзення кастынгаў
творчага конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца”

Дата

Горад

Адрас месца правядзення

Час пачатку кастынгу

26.10.2014

Асіповічы

Маладзёжна-падлеткавы цэнтр “Равеснік” (Магілёўская вобласць, г.Асіповічы, вул.Рабоча-Сялянская, 20)

10.00

26.10.2014

Калінкавічы

Цэнтр вольнага часу (Гомельская вобласць, г.Калінкавічы, пл.Леніна, 4)

16.00

27.10.2014

Ветка

Гарадскі дом культуры (Гомельская вобласць, г.Ветка, вул.Грамыкі, 33)

14.00

28.10.2014

Чавусы

Школа мастацтваў (Магілёўская вобласць, г.Чавусы, (вул.Савецкая, 7)

10.00

28.10.2014

Талачын

Дзіцячая школа мастацтваў (Віцебская вобласць, г.Талачын, вул.Піянерская, 2)

16.00

29.10.2014

Полацк

Сярэдняя школа № 18 імя Е.Полацкай (Віцебская вобласць, г.Полацк, вул.Хруцкага, 24)

10.00

29.10.2014

Мядзел

Гарадскі дом культуры (Мінская вобласць, г.Мядзел, вул.Шаранговіча, 6)

16.00

30.10.2014

Шчучын

Раённы дом культуры (Гродзенская вобласць, г.Шчучын, вул.Савецкая, 4)

14.00

31.10.2014

Жабінка

Гарадскі дом культуры (Брэсцкая вобласць, г.Жабінка, вул.Кірава, 91)

10.00

31.10.2014

Івацэвічы

Гарадскі дом культуры (малы зал) (Брэсцкая вобласць, г.Івацэвічы, вул. Леніна, 57)

16.00

01.11.2014

Карэлічы

Раённы дом культуры (Гродзенская вобласць, г. Карэлічы, пл.17 верасня, 8)

10.00

01.11.2014

Капыль

Раённы цэнтр культуры (Мінская вобласць, г.Капыль, пл.Леніна, 4)

16.00

Другі (фінальны) тур праводзіцца ў студзені — лютым 2015 года[1] ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” ” (у адпаведнасці з графікам заездаў у цэнтр) у тры этапы. Знаходжанне ўдзельніка фіналу конкурсу ў НДЦ “Зубраня” аплачваецца за кошт сродкаў удзельніка конкурсу ў адпаведнасці з Інструкцыяй “Аб парадку арганізацыі аздараўлення дзяцей ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” (зацв. пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 13.12.2007 № 96а)[2].

Узнагароды для фіналістаў і пераможцаў конкурсу

 Кожнаму ўдзельніку фінальнага тура ўручаецца дыплом фіналіста конкурсу, а таксама падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Кожнаму пераможцу фінальнага тура ўручаецца дыплом пераможцы конкурсу, памятная каштоўная ўзнагарода, а таксама падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Уладальніку гран-пры конкурсу ўручаецца дыплом уладальніка гран-пры конкурсу, памятная каштоўная ўзнагарода, а таксама падарункі ад арганізатараў конкурсу.

Уручэнне ўзнагарод адбудзецца падчас заключнага гала-канцэрта фінальнага тура конкурсу не пазней за 15 лютага 2015 года.

Парадак правядзення конкурсу

 Першы (адборачны) тур

Першы (адборачны) тур праводзіцца з 26 кастрычніка па 1 лістапада 2014 года па раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь у выглядзе кастынгаў. Месцы і час правядзення кастынгаў пазначаны ў табл. 1. Час і месца правядзення кастынгаў не могуць быць зменены.

Прыйшоўшы на кастынг, удзельнік конкурсу сольна выконвае перад прадстаўніком(амі) арганізатараў 2–3 рознахарактарныя эстрадныя музычныя кампазіцыі (песні) пад інструментальную фанаграму (–1) або без суправаджэння. Песні павінны адлюстроўваць вакальныя магчымасці ўдзельніка. Прадстаўнік(і) арганізатараў маюць права прапанаваць удзельніку выканаць іншую кампазіцыю або спыніць выступленне.

Прадстаўнік(і) арганізатараў не абавязаны рэцэнзаваць выступленне канкурсанта, а канкурсант (ці яго прадстаўнік) не мае права патрабаваць ад прадстаўніка(оў) арганізатараў рэцэнзавання выступлення канкурсанта.

Дуэты, трыа і іншыя вакальныя групы для ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца.

Падчас кастынгаў вядзецца відэазапіс усіх выступленняў. Відэаролікі выступленняў адборачнага тура могуць быць размешчаны на электронных рэсурсах, якія належаць арганізатару (http://www.ng-press.by, http://www.ranitsa.by, http://www.nastgaz.by, http://www.pvz.by і інш.), а таксама на адкрытых інтэрнэт-рэсурсах (http://www.youtube.com) пасля ўзгаднення з яго ўдзельнікамі або іх законнымі прадстаўнікамі.

Пасля заканчэння кастынгаў (не раней за 3 лістапада 2014 года, але не пазней за 15 лістапада 2014 года) для ўдзелу ў другім туры конкурсу журы адбірае не больш як 50 удзельнікаў.

Арганізатары ў тэрмін да 18 лістапада 2013 года поштай уведамляюць пераможцаў першага тура пра іх перамогу і запрашаюць прыняць удзел у наступным туры конкурсу. Пераможца першага тура павінен да 25 лістапада 2014 года (уключна) пацвердзіць удзел у другім туры конкурсу. Калі хтосьці з пераможцаў не пацвердзіў удзел у фінальным туры конкурсу ў пазначаны тэрмін, да ўдзелу ў фінальным туры можа быць запрошаны іншы ўдзельнік адборачнага тура.

Іншы ўдзельнік можа быць запрошаны для ўдзелу ў другім туры толькі ў тым выпадку, калі ўдзельнік конкурсу, выбраны ў асноўны склад другога тура, будзе дыскваліфікаваны або па нейкай прычыне (стан здароўя, занятасць ці інш.) не зможа прыняць удзел у другім туры конкурсу, або ў тэрмін да 25 лістапада 2013 года (уключна) не пацвердзіць, што ён сапраўды будзе ўдзельнічаць у другім туры конкурсу.

Пры вызначэнні ўдзельнікаў другога (фінальнага) тура конкурсу па магчымасці захоўваецца колькасная прапарцыянальнасць па рэгіёнах і ўзроставых групах.

Арганізатары маюць права запрасіць да ўдзелу ў фінале конкурсу (без удзелу ў кастынгу) удзельнікаў іншых творчых праектаў установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”, якія адпавядаюць крытэрыям, пазначаным у п.1 раздзела “Удзельнікі конкурсу” гэтага палажэння. У гэтым выпадку ў якасці відэа першага тура можа быць выкарыстана выступленне на папярэднім праглядзе або канцэртнае выступленне, запіс якога ажыццяўляўся прадстаўніком арганізатара.

 Другі (фінальны) тур 

Другі (фінальны) тур праводзіцца ў студзені — лютым 2015 года[3] ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” (у адпаведнасці з графікам заездаў у цэнтр) у тры этапы.

Падчас першага этапу канкурсант у рамках справаздачнага канцэрта павінен прадэманстраваць узровень выканальніцкага майстэрства, выконваючы адну музычную кампазіцыю, загадзя падрыхтаваную дома.

Каб пазбегнуць дубліравання канцэртных нумароў падчас справаздачных канцэртаў першага этапу другога (фінальнага) тура конкурсу, канкурсанты павінны ў рабочым парадку не пазней як 15 снежня 2014 года ўзгадніць рэпертуар гэтага выступлення з кіраўніком праекта. Пры ўзнікненні дубліравання канкурсант, які заяўляе конкурсны нумар пазней, павінен замяніць яго на іншы.

Падчас другога і трэцяга этапаў канкурсант пад кіраўніцтвам педагога(аў) праекта рыхтуе вакальную музычную кампазіцыю (песню), якую выконвае ў час правядзення справаздачнага канцэрта.

Падчас справаздачных канцэртаў другога і трэцяга этапаў другога (фінальнага) тура ўдзельнікі конкурсу павінны прадэманстраваць узровень выканальніцкага майстэрства, а таксама свае дасягненні падчас работы з педагогамі па вакале і па іншых профільных аспектах у рамках праекта.

Тэматыку справаздачных канцэртаў і рэпертуар канкурсантаў для прадстаўлення на справаздачных канцэртах другога і трэцяга этапаў выбіраюць мастацкі кіраўнік і педагогі праекта ў адпаведнасці з магчымасцямі канкурсантаў і агульнай канцэпцыяй канцэртных праграм.

Наведванне майстар-класаў і рэпетыцыйных заняткаў удзельнікамі другога (фінальнага) тура падчас знаходжання ў НДЦ “Зубраня” з’яўляюцца абавязковымі.

Па выніках кожнага этапу конкурсу і ў адпаведнасці з бягучымі поспехамі ў навучанні (паміж справаздачнымі канцэртамі) да чарговай серыі справаздачных канцэртаў можа быць не дапушчана да 25% канкурсантаў. Спіс недапушчаных да справаздачнага канцэрта кіраўнік праекта ці прадстаўнік журы аб’яўляе напярэдадні чарговага справаздачнага канцэрта.

Справаздачныя канцэрты могуць праводзіцца не толькі на сцэнічных пляцоўках НДЦ “Зубраня”, але і ў форме выязных канцэртаў ва ўстановах культуры і адукацыі раённых цэнтраў Рэспублікі Беларусь, а таксама на іншых канцэртных пляцоўках.

Кожны ўдзельнік конкурсу на працягу фінальнага тура выконвае перад публікай (гледачамі і журы) не менш як тры вакальныя музычныя кампазіцыі (песні) пад інструментальную фанаграму (–1).

Усе публічныя мерапрыемствы (канцэрты, прэс-канферэнцыі, сустрэчы, майстар-класы і інш.) і рабочыя моманты конкурсу (рэпетыцыі, майстар-класы, нарады і інш.) запісваюцца на відэа. Відэаролікі выступленняў і рабочых момантаў другога тура могуць быць размешчаны на сайтах, якія належаць арганізатару (http://www.ng-press.by, http://www.ranitsa.by, http://www.nastgaz.by, http://www.pvz.by і інш.), а таксама на адкрытых інтэрнэт-рэсурсах (http://www.rutube.ru, http://www.youtube.com) без узгаднення з удзельнікамі конкурсу.

Па выніках другога тура журы вызначае пераможцаў. Агульная колькасць пераможцаў не можа быць больш як 10 чалавек. Адзін з пераможцаў фінальнага тура можа таксама стаць уладальнікам гран-пры конкурсу. Гран-пры не можа быць прысуджана больш як аднаму пераможцу.

Арганізатары конкурсу могуць устанаўліваць уласныя ўзнагароды для канкурсантаў, а таксама ў рамках конкурсу па папярэднім узгадненні з іншымі арганізатарамі праводзіць свае акцыі і конкурсы, якія скіраваны на падтрымку ўдзельнікаў конкурсу і не супярэчаць агульным мэтам конкурсу.

 Публікацыя звестак пра конкурс у сродках масавай інфармацыі

 Зацверджаны арганізатарамі Парадак правядзення творчага конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца” размяшчаецца ў “Настаўніцкай газеце”, а таксама на электронных рэсурсах, якія належаць арганізатару (http://www.ng-press.by, http://www.ranitsa.by, http://www.nastgaz.by, http://www.pvz.by і інш.)

Установа “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” мае выключныя правы на публікацыю матэрыялаў пра конкурс. Звесткі пра конкурс могуць быць апублікаваны ў любым са сродкаў масавай інфармацыі, выдаўцом якіх з’яўляецца ўстанова “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” (газетах “Настаўніцкая газета”, “Переходный возраст”, часопісе “Народная асвета”). Публікацыі ў іншых сродках масавай інфармацыі ажыццяўляюцца толькі са згоды арганізатараў.


[1] Па аб’ектыўных прычынах тэрміны знаходжання фіналістаў конкурсу ў НДЦ “Зубраня” могуць быць зменены.

[2] “У цэнтр накіроўваюцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў не больш як адзін раз на год, пры гэтым аплата выдаткаў па аздараўленні дзяцей за змену ў цэнтры ажыццяўляецца бацькамі (асобамі, якія іх замяняюць) у памеры 60% ад грашовых норм выдаткаў на харчаванне ў дзень на адно дзіця ў залежнасці ад яго ўзросту”. Знаходжанне дзіцяці ў цэнтры другі (трэці і г.д.) раз аплачваецца бацькамі (асобамі, якія іх замяняюць) у поўным аб’ёме.

[3] Па аб’ектыўных прычынах тэрміны знаходжання фіналістаў конкурсу ў НДЦ “Зубраня” могуць быць зменены.

GD Star Rating
loading...
GD Star Rating
loading...
Звонкая раніца-5. Палажэнне, 10.0 out of 10 based on 4 ratings

Падзяліцца ў соц. сетках

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Конкурс юных вакалістаў